Картинка смайлик

Мы предоставляем услуги:  Аналитический поиск информации в сети Интернет по запросу пользователя; Предоставление пользователю доступа к ресурсам сети Интернет; Доставка
электронных писем по адресам заказчиков; Ламинирование; Переплет пластиковой пружиной; Распечатка материалов на цветном струйном принтере; Набор текста, таблиц/

Зоркі літаратурнага небасхілу Асіповіччыны
(пісьменнікі-юбіляры 2017 года)

Кожная з беларускіх старонак багатая на літаратурную памяць. Як, напрыклад, і Асіповіцкі край. Колькі паэтаў, празаікаў, літаратуразнаўцаў, мовазнаўцаў выйшлі на шырокую прастору мастацкага слова з вёсачак, мястэчак, з хутароў, з саміх Асіповіч — адразу і не палічыш; а колькі таленавітых людзей звязалі свой лёс з Асіповіцкай зямлёй пачынаючы толькі з 1917 года, атрымліваецца ладны зрэз беларускай літаратуры.
2017 год з’яўляецца юбілейным годам для шэрагу літаратараў, звязанных лёсам з нашым краем. Менавіта пра іх наша віртуальная выстава.

Ксенія Шаржановіч


Картинки по запросу Сланечнікі каханняНарадзілася таленавітая маладая паэтэса Ксенія Віктараўна Шаржановіч 11 студзеня 1987 года ў Чэхаславакіі ў сям’і ваеннаслужачых. Скончыла Лапіцкую сярэднюю школу Асіповіцкага раёна. Закончыла факультэт беларускай філалогіі і культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя М. Танка. Жыве ў Мінску і працуе выхавальнікам у дзіцячым садзе. Ксенія пачала пісаць вершы яшчэ ў пачатковай школе, а ў адзінаццатым класе, не крывячы душой, яе ўжо можна было назваць сапраўдным паэтам. Гавораць, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Творчасць Ксеніі – гэта доказ дадзенага выказвання. Яна – рознабаковы чалавек: добра спявае, займаецца жывапісам. Захапляецца паэзіяй Цвятаевай, Ахматавай, Ясеніна і іншых творцаў. Можа, не было яшчэ выдадзеных зборнікаў, не так многа апублікаваных вершаў, але па свайму светаадчуванню, па уменню знаходзіць трапныя выразы, гэта быў ужо сапраўдны майстар. Вершы друкаваліся ў часопісах “Бярока”, “Маладосць”, “Нёман”, газетах “Знамя юности”,  “Літаратура і мастацтва” і інш. І вось у 2008 годзе выйшаў у свет першы зборнік вершаў на беларускай мове Ксеніі Шаржановіч “Сланечнікі кахання”. Каханне – галоўны герой многіх вершаў і ўсяго зборніка. У вершах Ксеніі Шаржановіч ёсць і цеплыня і сцюжа, і шчасце і боль, і ўзнёсласць і спустошанасць, як ёсць гэта ўсё ў жыцці кожнага чалавека. Вядомы беларускі паэт Міхась Башлакоў вельмі цёпла і прачула гаворыць пра творчасць Ксеніі: “У Ксеніі Шаржановіч ёсць і свая манера, і свой стыль. Яе вершы не зблытаеш з вершамі іншых маладых паэтаў”. Ксенія Шаржановіч нядаўна стала членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Валянціна Вараб’ёва (Фясько)

Валянціна Уладзіміраўна Вараб’ёва (Фясько) нарадзілася 7 лютага 1952 года ў в. Ягаднае Асіповіцкага раёна. Дзяцінства (1953-1958 гады) прайшло ў Сібіры, у Томскай вобласці. У 1959 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь. У 1969 г. скончыла з залатым медалём сярэднюю школу ў в. Дараганава Асіповіцкага раёна. Скончыла факультэт журналістыкі (1974) Беларускага універсітэта і юрыдычны факультэт (1996), Беларускі інстытут тэхнічнай творчасці і патэнтазнаўства (1990). З 1974 па 1991 гады працавала загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі Горацкай раённай газеты, вядучым карэспандэнтам, затым намеснікам рэдактара шматтыражнай газеты Магілёўскага вытворчага аб’яднання “Хімвалакно”. Член Саюза журналістаў РБ. У 1990 г. атрымала дыплом з адзнакай Беларускага інстытута тэхнічнай творчасці і патэнтазнаўства. З 1992 па 1996 гг. вучылася на юрыдычным факультэце Белдзяржуніверсітэта. Працавала дырэктарам ТАА "ОпТех" ("Аптычныя тэхналогіі") у г. Магілёве, уласным карэспандэнтам рэспубліканскіх газет, з 2000 па 2005 гг. — намеснікам дырэктара Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі ў г. Мінску. Удзельнік Усесаюзнага паэтычнага семінара пры Літаратурным інстытуце імя. А. М. Горкага пад старшынствам лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Расіі, паэта Уладзіміра Фірсава (г. Масква, 1988). Друкуецца як паэт з 1988 года Вершы публікаваліся ў перыядычным друку, у часопісе “Няміга літаратурная”, чатырох калектыўных зборніках. У 1997 годзе пабачыў свет аўтарскі зборнік “Я это, Господи!”. У 2011 — другі зборнік — “Возьми крест свой!”. У цяперашні час — на пенсіі па інваліднасці. Месца пастаяннага пражывання — вёска Дараганава Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Член Беларускага экалагічнага саюза “Чарнобыль” (з 1990), Беларускай партыі зялёных (з 1991). Член Беларускага літаратурнага саюза “Полоцкая ветвь” (з 1997). Выбіралася дэпутатам Магілёўскага гарсавета (1991-97), кіраўніком Магілёўскай рэгіянальнай арганізацыі Беларускай партыі зялёных (з 1991).

Людміла Паўлікава-Хейдарава

Картинки по запросу людмила хейдарова

Беларуская паэтэса Людміла Фёдараўна Паўлікава-Хейдарава нарадзілася 11 лютага 1952 года ў р.п. Ялізава на Асіповіччыне, закончыла Ялізаўскую СШ і паступіла ў БДУ на факультэт прыкладной матэматыкі. Працавала старшым інжынерам Навукова-даследчага інстытута электронна-вылічальных машын у Мінску (з 1974), вядучым канструктарам Беларускага навукова-даследчага інстытута арганізацыі і кіравання будаўніцтвам пры Дзяржбудзе БССР (з 1980), вядучым інжынерам Мінскага навукова-даследчага праектнага інстытута (з 1985). З 1988 г. рэдактар, з 1991 г. намеснік галоўнага рэдактара творчага аб’яднання літаратурна-мастацкіх і пастановачных праграм Беларускага тэлебачання. Першая публікацыя Л.Паўлікавай (падборка вершаў) з’явілася ў часопісе “Маладосць” у 1980 г., за якую ёй была прысуджана прэмія года. З таго часу вершы паэтэсы змяшчаюцца ў зборніку “Дзень паэзіі”, часопісах “Полымя”, “Вожык”, “Работніца і сялянка”, у рэспубліканскіх газетах. Аўтар кніг “Адведзіны рамонкавай паляны”, “Тваё святло”, “Купанне ў росах”, драматычнай паэмы “Можна і нельга” (зборнік “І засталася каса ў пракосе”). У часопісе “Маладосць” друкаваліся і яе апавяданні.З 1989 г. выступае пад уласным прозвішчам Хейдарава і псеўданімам Людміла Паўлікава-Хейдарава – “Плач па анёлу”, кніга апавяданняў “Дарт”, фiласофская кніга “Вечаровае веча” (фрагменты ў часопісе “Маладосць” за 2009 г.). Пасля ўдзелу ў 8-м Усесаюзным з’ездзе маладых літаратараў СССР вершы Людмілы Хейдаравай ў перакладах на рускую мову можна знайсці ў друкаваных выданнях “Літаратурная газета”, зборніку “Маладая гвардыя”. У паэтычных творах выяўляюцца фiласофскi роздум, гiсторыка-патрыятычная i любоўная лiрыка, тэмы прыроды i вытокаў чалавечага духу. У празаічных творах аўтарскай пазiцыi ўласцiва дабрадушная iронiя. Пераклала з рускай на беларускую асобныя творы Г. Ахматавай, М. Валошына, М. Лермантава, Б. Пастэрнака, М. Цвятаевай, В. Мандэльштама, з украінскай творы сучасных паэтаў. Лаўрэат Лiтаратурнай прэмii iмя Алеся Адамовiча (1996) за прынцыповасць i майстэрства ў асвятленнi сучасных праблем Беларусi.

Родам з Асіповіччыны // Памяць. Асіповіцкі раён. — Мінск, 2002. — С. 630.
Хейдарава Людміла — нарадзілася ў п. Ялізава // Анталогія беларускай паэзіі. — Мінск, 1993. — С. 537—539.
Хейдарава Людміла // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / складальнік А. К. Гардзіцкі ; навуковы рэдактар А. Л. Верабей. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с. : іл.
Сакава, Н. Сімфонія жыцця Людмілы Хейдаравай-Паўлікавай : [беларускай пісьменніцы, ураджэнкі пас. Ялізава Асіповіцкага раёна] / Ніна Сакава // Краязнаўчая газета. — 2009. — № 18 (май). — С. 7.
Сімфонія жыцця Людмілы Хейдаравай–Паўлікавай : метадычныя рэкамендацыі з серыі “Зарунела літаратурная ніва на зямлі Асіповіцкай” па прапагандзе творчасці Людмілы Паўлікавай–Хейдаравай / Асіповіцкая бібліятэчная сетка, Аддзел бібліятэчнага маркетынгу ; [складальнік В. Л. Логвін ; мастак В. В. Прасаловіч ; адказны за выпуск А. Г. Хлус]. — Асіповічы : Асіповіцкая цэнтральная бібліятэка, 2013. — 28 с.

Янка Непачаловіч


Нарадзіўся беларускі паэт Янка (Іван Данілавіч) Непачаловіч 25 мая 1917 года ў вёсцы Мінкавічы Старадарожскага раёна Мінскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў загадчыкам хаты-чытальні ў вёсцы Крываносава Старадарожскага раёна (1934). У 1935 годзе паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. У час вайны жыў у родных мясцінах (в. Мінкавічы). З 1942 года быў сувязным партызанскай брыгады імя Кірава, выконваў яе заданні. Пасля вайны працаваў настаўнікам у Дзяржынску (1944–1947), інспектарам школ Старадарожскага раёна (1947–1948). З 1948 г. настаўнічаў у вёсцы Дараганава Асіповіцкага раёна. У 1967 годзе пераехаў у Мінск, працаваў у выдавецтве “Народная асвета”. Узнагароджаны медалём. Першыя вершы Янкі Непачаловіча “Марыула” і  “Вячэрняя сустрэча” з благаслаўлення Купалы надрукаваны ў 1936 г. у часопісе “Полымя рэвалюцыі”. Праз год там жа былі надрукаваны “Садоўнік” і “Чаканне”. Студэнты педінстытута глядзелі на Янку з павагай і захапленнем: ён ужо друкуецца ды яшчэ ў такім салідным часопісе. Пачатак у яго быў сур’ёзны. Як ён строга ставіўся да паэтычнай працы, можна меркаваць па тым, што яго першая кніга “Мера любві” выйшла ў свет толькі ў 1958 годзе і на яе старонках няма ніводнага даваеннага верша, хаця тады яго аднагодкі захапляліся імі і з іх мог скласціся першы зборнік значна раней. У “Меру любві” аўтар не ўключыў і творы, напісаныя ў партызанскім падполлі (“Сярнічка”, “Явачная кватэра”, “Аганёк”), а таксама вершы з дарог  вызваленчага маршу – “Як войска праходзіла міма”, “Яблыня” і іншыя. Другая прыжыццёвая кніга паэзіі “Позні паром”, выйшла ў 1967 годзе. На словы Янкі Непачаловіча Юрый Семяняка напісаў папулярную песню “Табе маё прызнанне”. Трагічна загінуў у вёсцы Дараганава Асіповіцкага раёна. Пахаваны на радзіме ў вёсцы Мінкавічы. У 1977 г. выдадзены зборнік вершаў паэта “Перад захадам сонца”. Янку Непачаловіча памятаюць сябры, калегі, вучні. Гэтыя ўспаміны прасягнуты любоўю, павагай да чалавека, настаўніка, сябра.

Лёсам звязаныя з краем // Памяць. Асіповіцкі раён. — Мінск, 2002. — С. 645—646.
Вялюгін, А. Радкі накідаем з жывымі / Анатоль Вялюгін // Непачаловіч, Я. Перад заходам сонца : выбраныя вершы. — Мінск, 1977. — С. 5–10.

 

Браніслава Яскевіч


Браніслава Іванаўна Яскевіч — член раённага літаратурнага аб’яднання “Натхненне” нарадзілася 3 ліпеня 1937 года ў в.Замошша Асіповіцкага раёна. З’яўляецца старшынёй Савета ветэранаў патрэбкааперацыі Бабруйскага раёна. Адукацыя вышэйшая, ліквідатар наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў 1986 годзе. Паэзіяй захапляецца са студэнцкіх гадоў. Увесну 2002 года ёй выдадзены першы лірычны зборнік “Ранішняя зорка”. Паэтка стала прызёрам конкурсу паэзіі “Усіх нас вабіць чароўная ліра” у намінацыі: “Грамадзянская лірыка”. Браніслава Яскевіч рэгулярна друкуецца на літаратурнай старонцы раённай газеты “Трыбуна працы”, а таксама ў перыядычным друку горада і рэспублікі.

Сазонов, С. Предисловие // Вера… : лирика : избранное. — Минск : Радуга, 2005. — 49 с.
Люди, прославившие Осиповичский район : вып. 2 / Осиповичская библиотечная система ; Центральная районная библиотека ; составитель В. Л. Логвин ; ответственный за выпуск А. Г. Хлус. — Осиповичи, 2013.

 

Марыя Цімінская


Нарадзілася Марыя Паўлаўна Цімінская 5 ліпеня 1937 года ў в. Вялікая Гарожа на Асіповіччыне. Сведка нямецкай карнай аперацыі 1943 года. Выхаванка Свіслацкага дзіцячага дома з 1946 года. У 1953 годзе там жа скончыла сямігодку, праз пэўны час — педагагічны інстытут. 30 гадоў працавала ў Дзераўцоўскай школе. Піша вершы, прыпеўкі, якія сама і спявае, збірае народныя выслоўі. Дыпламантка рэспубліканскага фестывалю  “Звіняць цымбалы і гармонік”. У 2005 годзе выдала зборнік вершаў “На струнах маёй душы”, у якім адлюстраваны яе няпросты жыццёвы лёс, боль і радасць, каханне і смутак, замілаванне і любоў да роднае зямлі — шчырыя пачуцці сэрца, якому так хочацца цеплыні…

 

 

 

Дзмітрый Беразінскі


Дзмітрый Вячаслававіч Беразінскі – празаік, аўтар фантастычных твораў, нарадзіўся 2 жніўня 1972 года ў в. Ліпень Асіповіцкага раёна. З дванаццаці гадоў пачаў спрабаваць пісаць. Сярэднюю школу скончыў з медалём, паступіў на факультэт фізікі БДУ. Першая спроба пяра адбылася ў 1989 годзе, калі напісаў сцэнарый дамашняга задання для каманды КВЗ факультэта фізікі БДУ. Пад час службы ў арміі шмат пісаў, публікаваўся ў газеце “Во Славу Родины”. Там жа была напісана паэма “Приключения Буратино”. Да 1998 года выпусціў некалькі зборнікаў песень і напісаў першы раман “По ту сторону черной дыры”. У ліпені гэтага ж года закончыў дылогію “Легенды Зачернодырья”, якая складаецца з раманаў “Путь, исполненный отваги” і “Задолго до истмата”. Але надрукаваныя яны былі толькі пасля 2004 года ў Маскве. У 2010 годзе пачаў працаваць над праектам пра жыццё ў вёсцы “Курс оверклокинга для операторов машинного доения”.

 

Мікола Ждановіч


Журналіст, паэт Мікола (Мікалай Мікалаевіч) Ждановіч нарадзіўся 27 верасня 1957 года ў вёсцы Селішчы (цяпер Цяплухі) Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля школы працаваў вадзіцелем на АЗАА. Закончыў філфак МДПІ і факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у нараўлянскай райгазеце “Прыпяцкая праўда”, “Гомельскай праўдзе”, галоўным рэдактарам “Добрушскага краю”. З 2002 года уласны карэспандэнт газеты “Рэспубліка” па Гомельскай вобласці. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Аўтар зборнікаў вершаў “Прызнанне ціхае “люблю...”, “Свята першага снегу”. Вершы Ждановіча друкаваліся таксама ў рэспубліканскіх газетах і часопісах, калектыўных зборніках “Маладыя галасы”, “Магістраль”. Жыве ў г. Гомелі.

Тамашэўскі, А. З новага зборніка / Анатоль Тамашэўскі // Асіповіцкі край. — 2002. — 12 студзеня. — С. 4.
Тамашэўскі, А. Душы адчыненыя дзверы / Анатоль Тамашэўскі // Запаветы Леніна. — 1997. — 29 студзеня. – С. 3.

Эдгар Грэк


Беларускі пісьменнік, паэт, журналіст, мастак Эдгар Грэк (Каган Эдгар Якаўлевіч) нарадзіўся 29 верасня 1937 года ў Маскве. Закончыў Херсонскае мараходнае вучылішча  Афіцэр ваенна-марскога Флоту СССР. Працаваў штурманам дальняга плавання на гандлёвых суднах Чарнаморскага і Дунайскага параходстваў. Пабываў у 13 краінах, 14 марах, 2-х акіянах. Некалькі пазней закончыў Краснаярскі дзяржаўны педагагічны інстытут па спецыяльнасці “Мастак-графік”. Працаваў настаўнікам, інжынерам-канструктарам, начальнікам бюро прамысловай эстэтыкі Ленінагорскага поліметалічнага камбіната.
У 1972 г. пераехаў у Беларусь, у горад Асіповічы. Працаваў спачатку ў канструктарскім бюро на Асіповіцкім КРЗ, а потым больш дваццаці гадоў аддаваў свае веды мастака-графіка дзецям школ горада. Публікаваў серыю артыкулаў пра жывёл у часопісе “Родная прырода” і мясцовых друкаваных выданнях, выконваў графічныя і мастацкія работы. У 2002 годзе выдаў сваю кнігу марскіх апавяданняў “За тех, кто в море”, у 2003 г. — марскі раман “Золотой лотос” (Кн. 1), кніга аб прыродзе Асіповіцкага краю “Встречи в Осиповичских лесах”. З 2003 года — член беларускага літаратурнага саюза “Полоцкая ветвь”. Памёр ў 2004 годзе.

Берестова, И. Грек из Осипович / И. Берестова // Могилёвская правда. — 2003. — 19 декабря.
Шиханский, Р. Послесловие / Р.Шиханский // Грек, Э. За тех, кто в море. — Осиповичи, 2002.

 

©2011-2024 Осиповичская библиотечная сеть

Яндекс.Метрика

Карта сайта

Версия сайта для слабовидящих
Сводный электронный каталог библиотек Беларуси Сводный электронный каталог библиотек Могилевской области MEDNET.BY —
	Электронная медицинская библиотека