Магдаленаўскія чытанні
Адной са знакамітых асоб на Асіповіччыне з’яўляецца княгіня, мецэнатка і асветніца Марыя Магдалена Радзівіл. 8 ліпеня споўнілася 156 гадоў з дня яе нараджэння.
У гэты дзень ў Дуброве ўпершыню праводзіліся Магдаленаўскія чытанні. Падмурак, як кажуць, быў закладзены ў 2016 годзе: устаноўлены мемарыяльны знак на месцы былой сялянскай сядзібы Магдалены Радзівіл з роду Завішаў. Патрыятычныя падзеі з’ядналі тых, хто неабыякавы да сваёй гісторыі, памятае продкаў ды іх высакародныя ўчынкі, актыўна спрыяе культурнаму адраджэнню Бацькаўшчыны і росквіту нашай любай старонкі.
Сярод іх — намеснік старшыні Асіповіцкага раённага выканаўчага камітэта Ганна Уладзіміраўна Землянухіна, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, загадчык сектара ідэалагічнай работы Ігар Мікалаевіч Петух, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, загадчык сектара культуры і па справах моладзі Алена Леанідаўна Бондарава, старшыня Лапіцкага сельскага Савета Аляксандр Уладзіміравіч Гарадзілаў.
На Магдаленаўскія чытанні сабраліся і беларускія літаратары: пісьменнік, журналіст, кнігавыдавец, краязнаўца, аўтар кнігі “Белы лебедзь у промнях славы” Віктар Уладзіміравіч Хурсік, паэтка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Лёля Багдановіч, Заслужаны работнік культуры Беларусі, журналіст, паэт Анатоль Тамашэўскі, паэткі Соф’я Мароз, Ганна Шарамет, Ксенія Шаржановіч.
Госці і жыхары Лапіцкага сельскага Савета мелі магчымасць апынуцца на вечарыне ў Магдалены, даведацца пра яе лёс, аб якім расказвалі вядучыя свята Вольга Стус і Анастасія Індзючкова і чытальнік Дар’я Мядзведзева. Зацікаўленасць наведнікаў выклікала міні-пастаноўка паводле кнігі Віктара Хурсіка "Белы лебедзь у промнях славы”. Нябачная і нячутная, легкакрылым матыльком Магдалена Радзівіл у выкананні Ларысы Мядведскай вярнулася да нас праз смугу стагоддзяў, каб падзякаваць нашчадкам за памяць. Ролю яе сястры Марыі Евы выканала Людміла Ганчар.
У назіраннях за прыгожым дзействам неяк сціралася сучаснасць, на яе клалася лёгкая заслона старажытнасці. І было ўсё кранальна і прыгожа... Думаю, дзесьці там, на нябёсах, Марыя Магдалена Радзівіл усцешылася такім ушанаваннем.
Цэнтральная бібліятэка падрыхтавала ў літаратурным салоне адкрыты прагляд літаратуры “Жыццё, як малітва за Беларусь: да 156–годдзя Магдалены Радзівіл”. Адкрываў выставу раздзел, у якім былі прадстаўлены кнігі,выданныя пры фінансавай падтрымцы Магдалены Радзівіл. Сярод іх – зборнікі вершаў класікаў беларускай літаратуры “Вянок” М.Багдановіча, “Курганная кветка” К.Буйла, “Рунь” М.Гарэцкага, “Васількі” Ядвігіна Ш., “Родныя з’явы” Тараса Гушчы (Якуба Коласа), а таксама экземпляры газет “Наша Ніва”, “Bielarus”.
Значнае месца ў экспазіцыі займаюць ўспаміны сучаснікаў, асабіста якія ведалі княгіню, сярод якіх — прадстаўнікі інтэлігенцыі, духавенства, людзі, якія працавалі ў яе маёнтках. Яны пішуць пра свае ўражанні ад знаёмства з Магдаленай Радзівіл, распавядаюць пра яе дабрачынную дзейнасць.
Сярод кніг пра Магдалену Радзівіл асаблівай увагі заслугоўваюць два выданні, цалкам прысвечаныя яе жыццёваму шляху: "Белы лебедзь у промнях славы: Магдалена Радзівіл" Віктара Хурсіка (Мінск, 2001) і "Княгіня Магдалена Радзівіл і справа Адраджэнне Уніі ў Беларусі" Аляксандра Надсана (Мінск, 2006). Гэтыя невялікія па аб’ёму, але каштоўныя кнігі спрыялі адраджэнню ўвагі грамадскасці да незаслужана забытага імя мецэнаткі. Фотакопію партрэта Магдалены для літаратурнага салона прадаставіў вядомы краязнаўца, аўтар кнігі “Белы лебедзь у промнях славы” Віктар Хурсік.
Другая частка салона была прысвечана творчасці асіповіцкіх паэтаў і празаікаў “Літаратурнае сузор’е зямлі Асіповіцкай”. Усе жадаючыя маглі падыйсці і пагартаць кнігі нашых землякоў, адчуць цяпло душ і сэрцаў.
Пранікнёна гучалі вершы ў выкананні Лёлі Багдановіч. Не здарма кажуць, што жаночае сэрца — гэта кладзеж кахання, пяшчоты і ласкі. Што яго турбуе? Чаму яно баліць? На гэтыя пытанні адказалі нам вершы Лёлі Уладзіміраўны: маці, якая нарадзіла, Радзіма, што вяла па таямнічых сцяжынках, прырода, зачараваўшая непаўторнай прыгажосцю — усё гэта чалавечыя лёсы, знітаваныя з жыццём аўтара.
Слухаеш творы Ганны Шарамет, Соф’і Мароз, Ксеніі Шаржановіч і бачыш, чым жывуць гэтыя няўрымслівыя па натуры жыццялюбы. Тэматычная накіраванасць іх паэтычнага даравання даволі шматпланавая — ад асабістых перажыванняў да гумарыстычных вершаў, падгледжанных у жыцця. Слухачы дзівіліся таленту гэтых паэткаў, іх пазітыўнай натуры, зачараванасці душы.
Прыемна адзначыць, што Анатоль Уладзіміравіч Тамашэўскі , жыве ў сузор’і чароўных муз: "Толькі дзякуючы натхненню рыфмуюцца радкі, выказваюцца найлепшыя словы і выразы, узнікаюць вобразы і мары". Анатоль Уладзіміравіч — гэта закаханы чалавек: закаханы ў жанчыну, сваю Айчыну, у гэты светлы дзень, у чалавека, побач з якім жыве.
Спадзяемся, што такія сустрэчы стануць добрай традыцыяй.
|