.
Логотип

Государственное учреждение культуры

Централизованная библиотечная сеть
Осиповичского района




Яндекс.Метрика

Карта сайта

Бесперапынная праца душы


Да 70-годдзя з дня нараджэння Георгія Марчука

Беларускі пісьменнік, сцэнарыст і кінадраматург Георгій Васільевіч Марчук — чалавек, які займае актыўную жыццёвую пазіцыю. Мае многа цікавых ідэй. Чалавек, які імкнецца сваёй дабрынёй змяніць свет да лепшага. Менавіта  ён прапанаваў павіншаваць з Новым годам, Калядамі дзіця, якому не пашанцавала з бацькамі.

Нарадзіўся 1 студзеня 1947 года ў горадзе Давыд-Гарадок Столінскага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і шаўца. Лёс не шкадаваў яго. У 12 год застаўся без маці, таты зусім не ведаў, жыў з дзедам і бабуляй. Уражлівы хлопчык, здаецца, бачыў не вачамі, а душою наваколле, жыццё гарадчукоў. Гэта дапамагло яму праз дзясяткі гадоў так праўдзіва, таленавіта апісаць самабытны ўклад жыцця, традыцыі, звычаі жыхароў беларускага Палесся ў раманах "Крык на хутары" (1983) і "Кветкі правінцыі" (1988).

Пасля заканчэння сярэдняй школы № 2 у Давыд-Гарадку (1965) працаваў у мясцовым клубе, затым у Столінскім раённым клубе на розных пасадах: ад кіраўніка драматычнага гуртка, метадыста да мастацкага кіраўніка. З 1969 г. у Мінску — асістэнт кінарэжысёра кінастудыі "Беларусьфільм". У 1973 г. скончыў завочнае аддзяленне па спецыяльнасці тэатразнаўства Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. У 1975–1977 гг. — слухач Вышэйшых курсаў сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве. З 1980 г. — кінарэжысёр на кінастудыі "Беларусьфільм", у 1980–1982 гг. — загадчык літаратурнай часткі тэатра-студыі кінаакцёра кінастудыі "Беларусьфільм". Затым працаваў у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь (1993–1995 гг.). Быў галоўным рэдактарам кінастудыі "Беларусьфільм", дырэктарам выдавецтва "Мастацкая літаратура". Сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі. Сябра СП СССР з 1983 г. Зараз Георгій Васільевіч працуе сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Расійская акадэмія славеснасці ўзнагародзіла Георгія Васільевіча медалём "Ревнителю просвещения" і медалём Шолахава.

У друку пачаў выступаць з гумарэскамі, замалёўкамі ў 1966 г. (столінская раённая газета "Навіны Палесся"). Першая аднаактовая п'еса "Выкраданне Алёны" (1971) адзначана прэміяй на рэспубліканскім конкурсе драматургіі. Аўтар пятнаццаці аднаактовых п'ес, сярод якіх "Новыя прыгоды Несцеркі" (пастаўлена ў 1980), "Магіла Чынгісхана" (надрукавана і пастаўлена ў 1981), "Дыскатэка" (пастаўлена ў 1981), п'ес-казак "Чаканне сабакі Тэафіла" (пастаўлена ў 1979), "Загадка каралевы Аварыі" (1980), "Ці кормяць ваўка ногі" (1982), "Тушканчык і чароўны чамаданчык" (1986). Напісаў камедыі "Люцікі-кветачкі" (пастаўлена ў 1974), "Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі" (пастаўлена ў 1985), "Вясёлыя, бедныя, багатыя" (пастаўлена ў 1986), "Альдона, Анета, Анфіса" (пастаўлена ў 1986), "Дарога ў рай", "Калі заспявае певень" (абедзве пастаўлены ў 1990). Па сцэнарыях пісьменніка пастаўлены тэлефільмы "Вясковы эрудзіт" (1985), "Запрашэнне" (1988). Адзін з аўтараў сцэнарыя дакументальнага кінафільма "Вяртанне Забэйды-Суміцкага" (зняты ў 1990).

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Працуе і ў галіне прозы. Выйшлі кнігі казак "Жылі-былі дзед Васільчык і баба Кацярына" (1986), раманы "Крык на хутары" (1983), "Прызнанне ў забойстве" (1985), "Кветкі правінцыі" (1986), "Вочы і сон" (1990), "Сава Дым і яго жанчыны" (1990).

Кожнаму з твораў пісьменніка ўласцівы глыбокі псіхалагізм, вострыя сюжэты, праўда жыцця, філасафічнасць. У сваіх драмах, камедыях і трагедыях ён разглядае вечны канфлікт духоўнага і матэрыяльнага, высмейвае крайнасці чалавечай натуры, уздымае пытанні адказнасці кожнага перад Богам і людзьмі. Стылю Г. Марчука, як драматурга, уласцівыя арыгінальныя сюжэты, бліскучыя дыялогі, гумар і высокае напружанне трагедыйных сітуацый. Застаючыся рэалістам, ён вельмі тонка ўдакладняе свой рэалізм элементамі сімвалізму, рамантызму, іншасказання. Сярод герояў яго камедый сустракаюцца і такія персанажы, як Грэх, Раб Божы, Чорт, Анёл, Дабрадзейнасць. Пісьменніку атрымалася ў творах паказаць гісторыю Палесся, Беларусі, яе народа праз прызму ўспрымання гісторыі чалавецтва, убачыць сакраментальную аснову, якая аб'ядноўвае народы планеты. Георгій Марчук выступае ў друку і як публіцыст, філосаф з эсэ аб духоўнасці, аб веры, Богу, душы. Упершыню ў гісторыі славянскай літаратуры пісьменнік напісаў дзве трагедыі з гісторыі Старажытнай Грэцыі — "Менелай, Алена і Парыс", "Арэст і Кассандра", — у якіх па-свойму арыгінальна апавядае аб Траянскай вайне, аб каханні, вартасці старажытных грэкаў. Асобныя творы пісьменніка перакладзены на рускую, англійскую, літоўскую, украінскую, казахскую, балгарскую, румынскую, таджыкскую, фінскую, польскую і македонскую мовы. Па сцэнарыях Марчука былі зняты фільмы "Пісьмо Феліні" (2006) і "Яблык Месяца" (2009).

Ён мог атрымаць Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Ён адкрыў акцёра Яўгена Крыжаноўскага, і ў яго дэбютным фільме сваю апошнюю ролю адыграў Аляксей Смірноў. Той самы Федзя з "Прыгод Шурыка" і механік з фільма "У бой ідуць адны старыя". Гэта сёння ён — сакратар Саюза пісьменнікаў. І за плячыма ў яго дзяржаўная прэмія краіны, мноства званняў і ўзнагарод. Агульны тыраж яго кніг складае паўмільёна асобнікаў. Марчук са сваімі казкамі — у школьнай праграме Македоніі. 65 гадоў таму назад ніхто не мог і ўявіць, што гэты хворы на сухоты сірата з Давыд-Гарадка стане вядомым на ўсю краіну. Ён і сам не верыў. Тым не менш, вы толькі ўявіце, ён — адзіны ў Брэсцкай вобласці, хто выпісваў прафесійны часопіс "Мастацтва кіно". І гэта ў 10-ым класе. Многае са свайго жыцця Марчук раскажа ў аўтабіяграфічным рамане "Кветкі правінцыі". З афарызмамі наогул — ён роданачальнік гэтага жанру ў беларускай літаратуры. Да сённяшняга дня ён піша шарыкавай ручкай у школьнай сшыткі. 12 гадзін у суткі за пісьмовым сталом. Ніякай клавіятуры і манітора — толькі ручка і папера.