Знаёмыя словы, чароўны радок
да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, народнага паэта Беларусі
Творчасць Янкі Купалы называюць летапісам жыцця, працы і барацьбы беларускага народа, квітнеючым садам, у якім сабраны самыя дарагія каштоўнасці мастацкага слова. Купала адкрыў вобраз беларускага селяніна як першаасновы народнага жыцця, маралі, духоўнай моцы народа.
Янка Купала, сапр. Іван Дамінікавіч Луцэвіч нарадзіўся 7 ліпеня 1882 года (па новым стылі) у фальварку Вязынка Вілейскага павета ў сям'і арандатара Дамініка Ануфрыевіча Луцэвіча і яго жонкі Бянігны Валасевіч, якія належалі да саслоўя мяшчан (прыпісаны да мяшчан Мінска) і былі каталікамі. Сам Іван Луцэвіч у часы Расійскай імперыі таксама быў каталіком і афіцыйна адносіўся да катэгорыі мяшчан (прыпісаны да мяшчан Мінска), хаця пры хрышчэнні 12 ліпеня 1882 года ў Радашкавіцкім касцёле Лучцэвіч быў запісаны дваранінам. Скончыў Бяларуцкае народнае вучылішча (1898). Пасля смерці бацькі (1902) працаваў на гаспадарцы, потым хатнім настаўнікам, пісарам у судовага следчага ў Радашковічах (1903), малодшым прыказчыкам у маёнтку Беліца памешчыка Караля Свяцкага ў Сенненскім павеце Магілеўскай губерні (1904), практыкантам і памочнікам вінакура ў маёнтку Сёмкава пад Мінскам, на бровары ў маёнтку пана Аляксандра Янавіча Любанскага (1863–1932) Яхімоўшчыне на Маладзечаншчыне.
З набліжэннем фронту ў жніўні 1915 г. эвакуіраваўся з Вільні, жыў у Арле, у верасні выехаў у Маскву, дзе вучыўся ў Народным універсітэце. Са студзеня 1916 г. на вайсковай службе: некалькі месяцаў служыў у Мінску старшым рабочым у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін, потым у Полацку, Смаленску. З 1916 г. жанаты з Уладзіславай Луцэвіч. У ліпені 1918 г. атрымаў пасаду агента па забеспячэнні харчамі Заходняй вобласці. Разам з М. Гарэцкім быў слухачом факультэта гісторыі мастацтваў Смаленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1919 г., пасля абвяшчэння БССР, пераехаў на сталае жыхарства ў Мінск. Працаваў загадчыкам бібліятэкі пры Беларускай хатцы, рэдагаваў часопіс "Рунь" (1920) і "Вольны сцяг" (1920–22). У час 1920–22 гг. цяжка хварэў, аднак, акрыяўшы, зноў вярнуўся да актыўнай грамадскай і літаратурнай дзейнасці. З пачатку 1921 г. намеснік загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Наркамасветы БССР, уваходзіў у склад Акададэмічнай камісіі Акадэмічнага цэнтра Наркамасветы БССР па ўкладанні і апрацоўцы беларускай тэрміналогіі, член навукова-рэдакцыйнай калегіі Наркамасветы БССР, якая разглядала прадстаўленыя да друку творы (пазней яна называлася камісіяй і Я. Купала быў яе старшынёй); адзін з ініцыятараў стварэння Беларускага драматычнага тэатра (1920), БДУ (1921), Інбелкульта (з 1922 г. яго правадзейны член), літаратурнага аб'яднання "Полымя". Янка Купала ўдзельнічаў у Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926).
Неаднаразова падвяргаўся рэпрэсіям. У 1921 г. на паэта быў накладзены хатні арышт і канфіскаваны рукапісы. У 1930 г. былі раскулачаны маці і сястра паэта. Летам 1930 г. у друку з'явіўся артыкул Л. Бэндэ "Шлях паэта", у якім Янка Купала абвяшчаўся "ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму". Купалу выклікалі на допыты ў ДПУ; яму інкрымінавалася лідарства ў "Саюзе вызвалення Беларусі". 20.11.1930 г. пасля "гутарак" у ДПУ ён зрабіў спробу самагубства, але быў выратаваны. У снежні 1930 г. быў вымушаны апублікаваць у "Звяздзе" "пакаянны" ліст, у якім паэт вымушаны быў прызнавацца ў "памылках" і "шкодных поглядах", абяцаў парваць з "кулацкім нацыяналістычным адраджанізмам" і "аддаць усе свае сілы сацыялістычнаму будаўніцтву". У 1930-я гады творы Купалы падвергліся значнай цэнзурнай праўцы, у т.л. творы са зборнікаў "Жалейка" і "Гусляр". У 1937 г. над паэтам чарговы раз навісла пагроза арышту — яго імя апынулася ў спісе мяркуемых ахвяр. Арышту ўдалося пазбегнуць.
Творчасць Купалы адзначаецца за яркае апісанне сялянскага быту, нацыянальнага характару беларусаў і яго светаразумення. Першыя творы Купалы — некалькі польскамоўных сентыментальных вершаў, надрукаваныя ў 1903–1904 гг.у часопісе "Ziarno" ("Зерне") пад псеўданімам К-а. Першы верш на беларускай мове — "Мая доля" датуецца 15.7.1904 г. Беларускамоўны дэбют у друку — публікацыя 15.5.1905 г. у газеце "Северо-Западный край" верша "Мужык". Дэбют у беларускамоўным друку — верш "Касцу" ("Наша ніва", 11.5.1907), летам 1907 г. у "Нашай ніве" з'яўляюцца і іншыя творы Я. Купалы. Раннім вершам Я. Купалы ўласціва падабенства да фальклору і беларускай паэзіі 19 ст. На працягу 1906–1907 г. Я. Купала напісаў паэмы "Зімою", "Нікому", "Адплата каханнем", 18.12.1908 г. у "Нашай ніве" апублікавана паэма "У Піліпаўку", у тым жа годзе скончана праца над паэмамі "Адвечная песня" і "За што?". Тэматыка твораў — прыгнечанае і бяспраўнае жыццё беларускага селяніна, краса роднага края, прыгажосць стваральнай працы чалавека. Ужо ў ранніх творах Купалы акрэсліваецца ідэя свабоды — нацыянальнага, сацыяльнага і духоўнага разнявольвання чалавека — як вызначальная ідэя ўсёй яго творчасці.
У 1908 г. пецярбургскае выдавецтва "Загляне сонца і ў наша ваконца" выпусціла першы зборнік паэта "Жалейка", якую двойчы канфіскоўвалі. Другі зборнік вершаў "Гусляр" (1910) выдадзены лацінкай у Пецярбургу А. Грыневічам. У адрозненне ад "Жалейкі" з яе элегічнасцю, плачам над адвечнай нядоляй селяніна ў "Гусляры" выразна выяўляецца рамантычнае светаадчуванне аўтара, акрэсліваецца філасофская, экспрэсіўная плынь яго лірыкі, паўстае рамантычны вобраз паэта як "сына міра", як прарока, які спазнаў таямніцы свету і жадае данесці іх да людзей. Менавіта ў гэтым зборніку найбольш выразна адбілася рамантычнае раздваенне душы лірычнага героя, у якой суіснуюць адчуванні далучанасці да Сусвету, пачуццё абранасці і высокай наканаванасці чалавека, а з другога боку — бяссілле і адчай пры сутыкненні з рэчаіснасцю.
Творча плённым, узлётным для Я. Купалы быў перыяд 1910–13, калі ён выдаў трэці паэтычны зборнік "Шляхам жыцця" (1913). Зборнік быў фактычна вяршынным дасягненнем тагачаснай беларускай літаратуры, а яго аўтар стаў бясспрэчным яе лідарам. У вершах гэтага выдання выразна выявіўся патрыятызм і глыбінны гістарызм паэта, найбольш яскрава ўвасобілася ідэя свабоды і абуджэння нацыянальнай свядомасці беларускага народа. Паэт імкнуўся абудзіць у чытача пачуцце гордасці і ўдзячнасці да продкаў, якія былі здольныя захоўваць сваю дзяржаўнасць і незалежнасць, бараніць зямлю ад ворагаў, развіваць адметную культуру ("Над Нёманам", "На куццю", "На дзяды" і інш.). Многія з твораў, дзе развіваліся такія матывы, у пазнейшы час былі забаронены, не ўключыліся ў збор твораў і не перадрукоўваліся да канца 1980-х г. Нацыянальны характар творчасці Купалы праяўляўся і ў вершах рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, у якіх паэт апяваў набліжэнне светлых перамен у жыцці, услаўляў будучыню, прадвесцем якой для яго быў створаны паэтычным уяўленнем вобраз Маладой Беларусі, абуджанай да гістарычнага самасцвярджэння. У вобразе Прарока (Званара, Гусляра), які прымаў аблічча Падарожнага, Незнаёмага, паэт прадракаў Вялікі Сход, дзе будзе вырашаны нацыянальны лёс гарадоў і сацыяльны лёс працоўных. У паэмах "Курган" (нап. 1910), "Бандароўна" (нап. 1913), "Магіла льва" (нап. 1913), драматычнай паэме "Сон на кургане" (нап. 1910), паэме-ідыліі "Яна і я" (нап. 1913) ён зарэкамендаваў сябе буйнейншым прадстаўніком нацыянальнага рамантызму. У сімвалічных вобразах і карцінах Янка Купала стварыў шырокае палатно нацыянальнага быцця ў яго сацыяльна-гістарычным зрэзе. У 1914–15 з'явіліся цыкл яго вершаў "Песні вайны", шэдэўры любоўнай лірыкі.
На працягу трох наступных гадоў Купала, перажываючы разам з народам цяжкі перыяд нацыянальнай гісторыі, паэтычных твораў не пісаў, зноў пачаў тварыць у канцы 1918 г. Яго вершы той пары "Званы", "Буралом", "Спадчына", "Рунь", "Першы снег", "Паязжане" і інш. — гэта роздум пра гістарычныя шляхі Бацькаўшчыны, прасякнуты ўласцівай паэту філасофскай глыбінёй. Гэтыя творы ўвайшлі ў чацвёртую паэтычную кнігу "Спадчына" (1922). Да зборніка негатыўна паставілася тагачасная крытыка, якая чакала ад паэта ўслаўлення рэвалюцыі і прынесеных ёю перамен. Янка Купала заставаўся песняром Бацькаўшчыны, палітычнае становішча якой у гэты перыяд было вельмі складаным. Мастацкі позірк паэта імкнуўся вылучыць сутнасць падзей, іх суаднесенасць з каштоўнасцю кожнага асобнага чалавека. Ён бачыў і адчуваў, як у рэвалюцыйнай віхуры нішчацца і руйнуюцца лёсы, як родныя людзі становяцца па розныя бакі барыкад, як пошукі выйсця абарочваюцца бездарожжам. Таму ў яго лірыцы па-ранейшаму гучалі драматычныя і трагічныя ноты.
У савецкі час таксама выйшлі кнігі паэзіі "Безназоўнае" (1925), "Апавяданні вершам" (у 2 кнігах, 1926), паэмы "Магіла льва" (1927), "Над ракою Арэсай" (1933), "Курган» (1987), зборнікі "Адцвітанне" (1930), "Песня будаўніцтву" (1936), "Беларусі ардэнаноснай" (1937), "Ад сэрца" (1940), "Беларускім партызанам" (вершы і артыкулы, Масква, 1942), кнігі выбраных вершаў, паэм, Зборы твораў у 6-ці (1925–1932), 3-х (1928–1932), 6-ці (1951–1954, 1961–1963), 7-мі (1972–1976) тамах. Многія вершы пакладзены на музыку. Для дзяцей неаднаразова выдаваліся вершы "Хлопчык і лётчык", "Алеся" і інш.
Янка Купала — прызнаны нацыянальны драматург. Аўтар драматычных паэм "Адвечная песня" (Пецярбург, 1910, пастаўлена ў 1921) і "Сон на кургане" (Пецярбург, 1912, пастаўлена ў 1928), п'есы "Паўлінка" (Пецярбург, 1913, пастаўлена Беларускім музычна-драматычным гуртком у Вільні ў 1913, у 1952 па спектаклю тэатра імя Я. Купалы створаны аднайменны кінафільм, у 1973 — аперэта), драматычнай паэмы "На папасе" (1913, ставілася самадзейнасцю), драмы "Раскіданае гняздо" (Вільня, 1919, пастаўлена Першым таварыствам беларускай драмы і камедыі ў Мінску ў 1917, аднайменны кінафільм — у 1982), сцэнічнага жарту "Прымакі" (1920, ставіўся самадзейнасцю ў 20-я гады, у тэатры пастаўлены ў 1936), п'есы "Тутэйшыя" (1924, пастаўлена БДТ-1 у 1926), драматычнага абразка "На Куццю" (Вільня, 1928).
Я. Купала таксама выступаў як публіцыст і літаратурны крытык. Ён стаяў ля вытокаў нацыянальнай публіцыстыкі і журналістыкі як самастойнай галіны літаратурнай дзейнасці. Яго дарэвалюцыйная публіцыстычныя творы заклікалі да паляпшэння сацыяльнага становішча шырокіх народных мас Беларусі ("Думкі з пабыцця ў Фінляндыі на Іматры", 1910; "3 гуты "Залессе", 1911), закраналі праблемы нацыянальнай самасвядомасці ("Святкаванне Купалы ў Вільні", 1912; "Вера і нацыянальнасць", "Ці маем мы права выракацца роднай мовы", абодва 1914, і інш.). Купала быў у гушчы літаратурнага і грамадскага жыцця: ён удзельнічаў у розных камітэтах па ўшанаванні памяці і правядзенні юбілеяў класікаў рускай і нацыянальных літаратур (У. Караленка, М. Лермантаў), быў дэлегатам тагачасных урачыстых літаратурных форумаў і з'ездаў, удзельнічаў у рабоце І з'езда Савецкіх пісьменнікаў БССР, выбраны членам Праўлення і дэлегатам на І з'езд ССП СССР, у склад новага бюро секцыі паэзіі ССП БССР (1937), прэзідыума Праўлення ССП СССР (1939), дэпутатам Мінскага гарадскога Савета. У 1939 ён удзельнічаў у рабоце Народнага сходу Заходняй Беларусі, які прыняў Дэкларацыю аб уз'яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Выбіраўся кандыдатам у члены ЦВК БССР у 1927-29, член ЦВК БССР у 1929-31, 1935-38. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР з 1940.
Вялікая Айчынная вайна заспела яго ў Каўнасе. У першыя дні вайны ў Мінску згарэлі яго архіў і бібліятэка. 30 чэрвеня 1941 г. з дачы ў Ляўках Янка Купала выехаў у Маскву. З лістапада 1941 г. ён жыў у пас. Пячышчы каля Казані. З самага пачатку вайны Я. Купала актыўна ўключыўся ў барацьбу. Як член прэзідыума Усеславянскага антыфашысцкага камітэта выступаў на антыфашысцкіх мітынгах, падпісаў адозву да братоў-славян з заклікам узняцца на вызваленчую барацьбу супраць фашызму, удзельнічаў у І Усеславянскім мітынгу і ў навуковай сесіі АН БССР (у Казані), дзе выступіў з дакладам "Айчынная вайна і беларуская інтэлігенцыя". Яго палымяны верш "Беларускім партызанам", публіцыстычныя артыкулы змяшчаліся ў газетах "Правда", "Известия", "Красная звезда" і інш.
18 чэрвеня 1942 г. Я. Купала прыехаў у Маскву і праз 10 дзён трагічна загінуў у гасцініцы "Масква" пры нявысветленых абставінах — упаў у лесвічны пралёт з 10 паверха. Існуе тры версіі — няшчасны выпадак, самагубства, забойства. Быў пахаваны на Ваганькаўскіх могілках у Маскве.
Літаратура аб жыцці і творчасці Я. Купалы
Алейчанка, Ю. Цэласны жывы арганізм : рытма-метрычная разнастайнасць зборніка "Спадчына" Янкі Купалы / Юлія Алейчанка // Полымя. — 2015. — № 12. — С. 126–138.
Бармоціна, А. Уплыў драматургіі Янкі Купалы на развіццѐ беларускай гістарычнай драмы ў ХХ ст. / Алена Бармоціна // Роднае слова. — 2013. — № 3. — С. 15–17.
Белавус, Н. Купалаў ідэал паэта ў вершах-прысвячэннях / Наталля Белавус // Роднае слова. — 2015. — № 7. — С. 3–6.
Ваданосава, Ф. Мне сняцца сны аб Беларусі… : таямніца смерці Янкі Купалы / Фаіна Ваданосава // Роднае слова. — 2012. — № 6. — С. 84–87.
Ваданосава, Ф. Янка Купала і кніга / Фаіна Ваданосава // Роднае слова. — 2012. — № 7. — С. 80–83.
Буйноўская, В. Слова пра паход Ігаравы ў паэтычным перакладзе Янкі Купалы / Вольга Буйноўская // Роднае слова. — 2017. — № 3. — С. 7–10.
Гарадніцкі, Я. А. Паэтыка Янкі Купалы : гарманізацыя стыхійнага / Яўген Гарадніцкі // Полымя. — 2012. — № 5. — С. 107–115.
Гніламёдаў, У. В. Янка Купала : жыццё і творчасць / Уладзімір Гніламёдаў ; Нацыянальная акадэміі навук Беларусі, Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы. — 2-е выданне, дапрацаванае і дапоўненае. — Мінск : Беларус. навука, 2012. — 250, [2] с.
Каваленя, А. А. Засталася спадчына — людзьмі звацца / Аляксандр Каваленя // Беларуская думка. — 2012. — № 5. — С. 72–76.
Касцюк, М. П. Янка Купала — наш гонар і боль… / Міхаіл Касцюк // Беларуская думка. — 2012. — № 7. — С. 44–45.
Нам засталася спадчына : "Круглы стол" у НАН Беларусі, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння народнага песняра Янкі Купалы / падрыхтаваў Алесь Марціновіч // Полымя. — 2012. — № 6. — С. 156–168.
Рагойша, В. П. Мой Трыглаў : кніга пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча / Вячаслаў Рагойша. — Мінск : Кнігазбор, 2012. — 339 с.
Рагойша, В. П. Янка Купала — лексікограф / Вячаслаў Рагойша // Роднае слова. — 2012. — № 6. — С. 21–25.
Тарас, А. Я. Янка Купала : прарок беларускага народа / Анатоль Тарас. — Мінск : Харвест, 2016. — 63, [1] с.
Трус, М. Шаўчэнкаўскія рарытэты і невядомыя аўтографы Янкі Купалы / Мікола Трус // Роднае слова. — 2014. — № 2. — С. 12–14.
Тычко, Г. У пошуках схаванага скарбу (вобразны свет паэмы Янкі Купалы "Сон на кургане") / Галіна Тычко // Полымя. — 2014. — № 12. — С. 125–136.
Тычына, М. Янка Купала і Якуб Колас : учора і сѐння / М. А. Тычына ; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы. — Мінск : Беларус. навука, 2012. — 493, [2] с.
Чыгрын, С. М. Па слядах Купалы і Коласа : літаратурна-краязнаўчыя артыкулы і вершы / Сяргей Чыгрын. — Мінск : Кнігазбор, 2012. — 95 с.
Янка Купала. Для тых, якіх люблю : успаміны, эсэ, вершы, паэмы, п'еса : [да135-годдзя з дня нарадж. Я. Купалы] / укладанне В. Шніпа. — Мінск : Маст. літ., 2017. — 317, [1] с.
Янка Купала. "Мне сняцца сны аб Беларусі..." : успаміны, эсэ, артыкулы, дакументы / [укладанне Г. Шаблінскай]. — Мінск : Маст. літ., 2012. — 700, [1] с. — (Жыццё знакамітых людзей Беларусі).